“Артыкул 19” непакоіцца станам здароўя Змітра Бандарэнкі
Міжнародная праваабарончая арганізацыя апублікавала заяву наконт сітуацыі з беларускім палітвязнем.
Нагодай для гэтай заявы стала нядаўняя ацэнка стану здароўя Бандарэнкі, зробленая ўкраінскім лекарам Андрэем Раханскім. На падставе медыцынскіх дакументаў эксперт адзначыў, што ўмовы ўтрымання палітвязня ў калоніі трэба расцэньваць як катаванне і жорсткае абыходжанне. “Мы з трывогай успрымаем інфармацыю пра тое, што стан здароўя беларускага палітычнага вязня Змітра Бандарэнкі ўвесь час пагаршаецца”, — цытуе заяву БелаПАН.
Праваабаронцы канстатуюць, што Бандарэнка, асуджаны за падзеі 19 снежня 2010 года, пакутуе на язву страўніка, падагру і грыжы пазваночніка. У часе знаходжання ў турме ён перанёс дзве складаныя аперацыі. У калоніі зняволены не атрымлівае належнай медыцынскай дапамогі, што пагражае яму інваліднасцю.
“Артыкул 19” патрабуе ад беларускіх уладаў неадкладна вызваліць Змітра Бандарэнку, а таксама іншых палітвязняў.