Астаповіч: Спадчыну і 300 помнікаў Грунвальду могуць не выратаваць
Старшыня Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры разважае пра сітуацыю з аховай гістарычнай спадчыны ў Беларусі.
Еўрарадыё: Урэшце паставілі помнік Грунвальду (у Ваўкавыску). Але адразу хочацца ў вас запытацца, як выглядае сітуацыя з тымі помнікамі, якія ўжо знаходзяцца пад аховай дзяржавы? За апошнія 10 гадоў ці змянілася стаўленне беларускіх чыноўнікаў да гістарычных помнікаў, якое ўвогуле стаўленне?
Антон Астаповіч: “Пры ўсім тым, што ўкладаюцца шалёныя грошы ў так званую рэстаўрацыю Мірскага замка, Нясвіжскага замку, сапраўды, адбываюцца станоўчыя працэсы, але на фоне кропкавых аб’ектаў, сітуацыя катастрафічная. Падаўляючая большасць помнікаў знаходзіцца на балансе мясцовай улады ці дзяржаўных прадпрыемстваў, якія ні капейкі туды не ўкладаюць. Помнікі на балансе дзяржавы і пад аховай дзяржавы — яны руйнуюцца. Таксама вялікая бяда ў тым, што ў нас пачынаецца проста нішчэнне гістарычных гарадоў. Пачалі з Менску, апробавалі ўсе гэтыя механізмы, якія знаходзяцца па-за межамі законных механізмаў, зараз гэта ўсё распаўсюджваецца на ўсю астатнюю Беларусь”.
Еўрарадыё: Падсумоўваючы вашыя словы, падыход да гістарычных помнікаў не стаў лепшым?
Астаповіч: “Тое, што з’явіўся цудоўны помнік у Ваўкавыску — гэта добра. Але можна 300 помнікаў Грунвальду паставіць, можна 300 помнікаў нашым беларускім князям паставіць, але ад гэтага Беларусь плюсаў не набудзе, бо будзе страчана яе гістарычная спадчына. А новымі помнікамі, так, можна падмацаваць нейкую памяць, гэта, я лічу, патрэбна, але ж забывацца пра захаванне аўтэнтыкі — гэта дзікунства”.