Асуджанага Аляксандра Малчанава перавялі ў Магілёўскую калонію

Аляксандр Малчанаў быў асуджаны на 3 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму за ўдзел у акцыі пратэсту 19 снежня. Прысуд, вынесены ў Фрунзенскім судзе 2 сакавіка, быў ім абскарджаны. Аляксандр мусіў чакаць разгляду сваёй касацыйнай скаргі ў СІЗА. Але, як стала вядома, ён падаў пісьмовы зварот з просьбай перавесці яго са следчага ізалятара ў калонію раней, паведамляе праваабарончы цэнтр "Вясна".

Жыхар Барысава, Аляксандр Малчанаў быў затрыманы 6 студзеня 2011 г. у сябе дома як падазраваны па крымінальнай справе аб масавых беспарадках. Яго змясцілі пад варту ў СІЗА КДБ і 1-га сакавіка распачаўся суд, а 2-га суддзя Таццяна Чэркас вынесла прысуд: тры гады калоніі ўзмоцненага рэжыму. А.Малчанава прызналі вінаватым ва ўдзеле ў масавых беспарадках і знявазе дзяржаўных сімвалаў.