Бабруйскія ўлады не могуць закрыць рынак "Усходні"
Замест вядомага "ўніверсальнага" рынку гарадскія ўлады хочуць пабудаваць два жылыя дамы.
Рынак мусілі ліквідаваць яшчэ 1 верасня, але прапрымальнікі не пакінулі працоўных месцаў. З 300 гандлёвых кропак пустуюць толькі 70. Астатнія 230 па-ранейшаму працуюць.
Спярша прадпрымальнікам працягнулі дамову да 1 лістапада, але пазней вырашылі не выганяць іх да 1 студзеня 2012 года. Тым не менш, гарадскія ўлады мяркуюць, што рэальна "выселіць" прадпрымальнікаў атрымаецца не раней за 1 сакавіка наступнага года.
Прычына затрымкі не столькі ў салідарнасці ўладаў з прадпрымальнікамі, колькі ў фінансавых праблемах пры будаўніцтве. Таму жылыя дамы, якія павінны замяніць рынак, застаюцца толькі ў планах. Дый рэканструкцыя вуліцы Крылова, дзе размешчаны рынак, ідзе ўсё больш марудна.