Бацька з сынам не выплацілі на падаткі больш як 1 мільярд рублёў

Іх вінавацяць ва ўхіленні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Па справе праходзяць 73-гадовы мінчук і яго 41-гадовы сын — грамадзянін Ізраіля, які мае від на жыхарства ў Беларусі, паведамляе interfax.by.

Крымінальную справу пачалі пасля праверак Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю. Мужчыны займалі пасады дырэктара і намесніка дырэктара прыватнага прадпрыемства. Следства лічыць, што са студзеня 2011-га па снежань 2012 года пры дапамозе ілжэпрадпрымальніцкіх структур яны ўхіліліся ад выплаты падаткаў і збораў. Шкода, нанесеная дзяржаве, ацэньваецца ў 1 мільярд 127 мільёнаў 400 тысяч рублёў.

Падчас папярэдніх следчых дзеянняў падазраваныя сваю віну прызналі цалкам, шкоду пакрылі ў поўным аб'ёме. Іх адпусцілі пад абавязанне пра яўку.

Фота — obozrevatel.com