Багданкевіч: 1 млрд. долараў з фонду ЕўрАзЭс пойдзе "на праяданне"

"Нам трэба сёння стабілізаваць валютны рынак, а гэта значыць, што нам патрэбны крэдыты на праяданне", — сказаў былы кіраўнік Нацбанка Станіслаў Багданкевіч у інтэрв'ю БелаПАН.

Нагадаем, кіраўнік Мінфіна Расіі Аляксей Кудрын 19 мая ў Мінску, тлумачачы ўмовы выдзялення Беларусі крэдыту, заявіў, што пазыковыя сродкі неабходна накіраваць на папаўненне золатавалютных рэзерваў.

Між тым, на думку Багданкевіча, "Расія і Кудрын разумеюць, што цяпер немагчыма хутка збалансаваць гандаль". "Калі ў нас 2,5 млрд. долараў перавышэння імпарту над экспартам, з чаго залічваць у ЗВР? Трэба аплачваць імпарт. Таму грошы пойдуць у тую ж Расію на аплату пастаўленага ёю газу, сыравіны, камплектуючых", — сказаў ён.

Пытанне аб выдзяленні Беларусі крэдыту будзе разглядацца 4 чэрвеня ў Кіеве. Багданкевіч мяркуе, што ў выпадку станоўчага рашэння Беларусь атрымае крэдыт ужо ў чэрвені.