Баскетбольны Кубак польскага Генконсула застанецца ў Брэсце
Наймацнейшай камандай турніру пяці краін стаў мясцовы “Сокал”.
Турнір праходзіў у пятніцу і суботу ў палацы спорту “Вікторыя”. Бралі ўдзел восем каманд з Беларусі, Польшчы, Украіны, Латвіі і Расіі. У фінале “Сокал” перамог каманду “Баскет-Ветэран” з Луцка. Бронзу ў барацьбе з дружынай з Бяла-Падляскі ўзяў смаленскі “Крышталь”. Усе каманды атрымалі падарункі, а тры найлепшыя — медалі і кубкі з рук Генеральнага Консула Рэспублікі Польшча ў Брэсце Анны Навакоўскай. Закончылася імпрэза канцэртам дзіцячага ансамбля “Каралінка” і невялікім фуршэтам.
Турнір стаў традыцыйным, удзельнічаюць у ім аматарскія каманды. Многія паспелі пасябраваць, рэгулярна запрашаюць адзін аднаго на таварыскія гульні. Сёлетні турнір, чацвёрты па ліку, быў найбольш прадстаўнічым.

