БАТЭ падаў апеляцыю па справе Гутара
На працягу 15 працоўных дзён Футбольны арбітраж Беларускай федэрацыі футбола павінен назваць дату яе разгляду.
Апеляцыя мусіць быць разгледжаная не пазней двух месяцаў з дня яе паступлення.
Нагадаем, што Аляксандр Гутар сёлета заўчасна скасаваў кантракт з барысаўскім клубам. Паводле рашэння Беларускай федэрацыі футбола ён мусіць выплаціць на карысць БАТЭ 180 тысяч долараў. Аднак ФК БАТЭ быў незадаволены гэтай сумай і вырашыў абскардзіць рашэнне па "справе Гутара".
Аляксандру Гутару 23 гады, ён нарадзіўся ў Мінску, там жа пачынаў займацца футболам. У БАТЭ — з 2006 года, 5 гадоў гуляў за дубліруючы склад. У 2011 годзе стаў асноўным брамнікам БАТЭ, бронзавым прызёрам маладзёжнага чэмпіянату Еўропы. Па выніках сезона 2011 года быў прызнаны лепшым футбалістам краіны, лепшым брамнікам. Аднак у пачатку сезона 2012 года згубіў месца ў асноўным складзе каманды Віктара Ганчарэнкі, які больш давяраў дасведчанаму Андрэю Гарбунову (ён перайшоў у Барысаў з гродзенскага "Нёмана"). Летам 2012-га Гутар гуляў у складзе алімпійскай футбольнай зборнай Беларусі ў Лондане.
Цяпер Гутар трэніруецца з мінскім "Дынама". Пасля 18 лютага кіраўніцтва дынамаўцаў збіраецца прыняць рашэнне наконт кантракту з брамнікам.