БАТЭ — Уткіну: Вася, мы ўпэўненыя, што вам зараз сорамна
Футбольны клуб БАТЭ адказаў вядомаму расійскаму каментатару Васілю Уткіну на яго крытыку ў часе эфіру на радыё “Эхо Москвы”.
Уткін абрынуўся з абвінавачваннямі на адрас галоўнага трэнера барысаўскага клуба Віктара Ганчарэнкі. У прыватнасці, журналіст выказаў меркаванне, што Ганчарэнка павінен “гарэць у пекле”, бо выставіў на матч з “Барселонай” другі склад гульцоў.
Клуб БАТЭ у адказ на гэта адзначае, што Васіль Уткін ставіцца да іх перадузята. Бо ў часе эфіру на “Эхо” ён даволі асцярожна і карэктна казаў пра расійскія клубы і іншыя каманды, якія гуляюць у Лізе чэмпіёнаў. Аднак, калі гаворка зайшла пра беларускі футбол, прафесіяналізм кудысьці знік:
“Вось нам цікава: куды гэты бляск знікае, калі вы бярэцеся пляжыць барысаўскі БАТЭ? Роўна ў тых самых кропках, у якіх цягам усяго эфіру вы былі моцным, на гэтым участку работ вы раптам выяўляецеся неадэкватным як эксперт. Як журналіст. Як назіральнік. Вы судзіце тое, чаго не бачылі, вы не ведаеце матчасткі, вы віскочаце разам з псеўдаспецыялістамі з інтэрнэту”, — адзначае БАТЭ ў адказе Уткіну, змешчаным на сайце клуба.
Далей барысаўчане папракаюць вядомага журналіста ў тым, што ён не ведае аб’ектыўнай карціны і не сабраў нават усёй інфармацыі, каб яе скласці.
“Не бачна, каб вы пастараліся даведацца пра кадравую сітуацыю ў БАТЭ, пра траўмаваных, пра даўжыню лаўкі. Аб прычынах маладосці гэтай лаўкі. Ці ведаеце вы, напрыклад, калі ў Беларусі закрываецца летняе трансфернае акно? Не, не як ва ўсіх. Не першага верасня. Можаце даведацца, калі цікава.
Пры гэтым вы выносіце адназначны вердыкт: БАТЭ гуляў паўрэзервам! Ну, няхай так, няхай гэта ваша меркаванне. Дык абгрунтуйце яго сваімі ж назіраннямі. Аднак выходзіць, што яны ў вас зводзяцца да чытання пытанняў конфы. Неверагодна, улічваючы, што гэты матч вы да таго ж каментавалі ў жывым эфіры”.
У канцы звароту кіраўніцтва БАТЭ адзначае, што не будзе патрабаваць афіцыйных прабачэнняў у Васіля Уткіна.
“Вася, вы вялікі ва ўсіх сэнсах (уключаючы фізічны) журналіст. Мы ўпэўненыя, што вам цяпер сорамна за вашы выказванні, якія вы самі, разважыўшы ў сваім непаўторным і не ўсім зразумелым стылі, назвалі б ёмістым словам “х…я”. Калі не — мы, на жаль, ужо нічым не можам дапамагчы”.
Еўрарадыё сёння паспрабавала даведацца, што сам Васіль Уткін думае наконт гэтага звароту. Аднак журналіст заявіў: каментаваць гэта ён не будзе і да канца году ўвогуле не дасць ніякіх інтэрв’ю.