Беларусь паднялася ў міжнародным рэйтынгу Doing Business

Як адзначае TUT.BY, па ўмовах вядзення бізнэсу Беларусь размясцілася на 58-м месцы сярод 185 краін.

За аснову былі ўзяты 10 індыкатараў, з якіх сфармаваны краінавыя рэйтынгі Doing Business-2013. У іх ліку — адкрыццё бізнэсу, выплата падаткаў, міжнародны гандаль, рэгістрацыя ўласнасці, атрыманне дазволаў на будаўніцтва, крэдытаванне, забеспячэнне выканання кантрактаў, абарона правоў і інтарэсаў фундатараў, доступ да электраэнэргіі, ліквідацыя кампаніі.

Па словах суаўтаркі дакладу "Вядзенне бізнэсу-2013" Валянціны Салтан, самы відавочны прагрэс звязаны з падаткаабкладаннем. Сярод адмоўных аспектаў Сусветны банк і IFC назвалі той факт, што Беларусь ускладніла працэдуру адкрыцця бізнэсу. Гаворка ідзе пра тое, што павялічыўся кошт рэгістрацыі бізнэсу, а таксама кошт атрымання пячаткі кампаніі.

Дарэчы, апошнія гады ў рэйтынгу рэгулярна адбываліся змены ў метадалогіі падліку і, адпаведна, пералічваліся пазіцыі краін у рэйтынгу. Так, раней паведамлялася, што ў Doing Business-2012 Беларусь займала 69-е месца. Сёння, у адпаведнасці з новай рэдакцыяй леташніх паказчыкаў, Беларусь у папярэднім даследаванні заняла 60-е месца. Такім чынам, атрымліваецца, што Беларусь палепшыла свой глабальны рэйтынг на 2 пазіцыі.

Між іншага, Беларусь прызналі адным з вядучых у свеце рэфарматараў і ўключылі ў топ-10 краін, якія правялі значныя пераўтварэнні з 2005 года. Наша краіна заняла трэцяе месца. Наперадзе яе размясціліся Грузія і Руанда.

Першую дзясятку лідараў Doing Business 2013 складаюць Сінгапур, Ганконг, Новая Зеландыя, ЗША, Данія, Нарвегія, Вялікабрытанія, Паўднёвая Карэя, Грузія і Аўстралія.

Фота — blogsuperdengi.ru