Беларусаў судзяць за рабаванне банкаў у Нямеччыне
Генеральная пракуратура Беларусі накіравала ў Гродзенскі абласны суд адпаведную крымінальную справу.
Гродзенскі суд мусіць вызначыць падсуднасць гэтай справы. Паводле яе абвінавачваюцца кіраўнік і 7 удзельнікаў міжнароднай злачыннай арганізацыі. У 2009-2010 гадах яны зладзілі шэраг разбойных нападаў на банкі ў розных гарадах Нямеччыны, паведамляе БЕЛТА. Усе абвінавачваныя — грамадзяне Беларусі, жыхары Гродзеншчыны. Іх вінавацяць у 34 разбойных нападах у Нямеччыне, а таксама іншых злачынствах.
Абвінавачванне ў кіраўніцтве злачыннай арганізацыяй выставілі 29-гадоваму жыхару Гродзеншчыны. Раней яго неаднаразова судзілі.
У склад злачыннай арганізацыі ўваходзілі грамадзяне Нямеччыны, Беларусі, Расіі, Польшчы. У Нямеччыне пад суд трапілі больш за 15 удзельнікаў групоўкі.