Беларуская грэчка будзе каштаваць не танней за 12 тысяч
Пастаўшчыкі абяцаюць праз два тыдні заваліць прылаўкі айчыннымі крупамі.
“Яна ўжо пакрысе ёсць. У невялікай колькасці. У бліжэйшыя два-тры тыдні паступяць у продаж. Рознічны кошт… Прыкладна ў раёне 12 тысяч за пакет… Пакуль ніхто дакладна не ведае, які ўраджай, колькі сабралі, якой гэта якасці”, — расказвае загадчыца аддзела закупак “Крупянога дома “Ракан” Вольга Цагельская.
12 тысяч будзе каштаваць 900 грамовы пакет. А пакуль у мінскіх крамах пануе грэчка кітайскай і польскай вытворчасці. Зрэдзьчас трапляецца расійская з мінулага ўраджаю. Адпаведна, кошты на імпартны прадукт немаленькія — за 700 грам крупаў з Кітая можна заплаціць нават 28 тысяч.
“Мы імпартуем грэчку расійскую. І кітайскую, калі не хапала расійскай. Украіна зачыненая яшчэ, бо там дзейнічае часовая забарона на вываз грэчкі на экспарт. Таму зараз засталася адна крыніца — Расія. Ну і Кітай. Але гэта далёка, доўга і яна не зусім адпавядае па густу беларускаму спажыўцу”.
Дырэктар гомельскага камбіната хлебапрадуктаў Міхаіл Белашыцкі расказвае, што кошты на беларускую грэчку ў крамах будуць у раёне 14 тысяч за кілаграм.
“Мы адпускаем па 10 тысяч. 10 090 адпускная цана. Потым гандлёвая надбаўка. Гэта нашмат менш, чым сёння былі кошты. Зусім раней, яшчэ месяц таум, якія былі ў крамах. Былі ж і па 20, і па 22. Тысяч 14 будзе ў розніцы”.
І зусім не факт, што беларуская грэчка выцесніць з рынка канкурэнтаў. Можа не дапамагчы нават рэкордны ураджай і “нізкая” цана. У Расіі сёлета кошты на грэчку таксама могуць упасці.
“Не ведаю, што будзе ў Расіі з коштамі ў гэтым годзе. Калі ураджай, то кошты могуць упасці. Не выключана. Сёння яшчэ рана прагназаваць. Думаю, праз тыдні два будзе вядома, што ў Расіі з ураджаем і ці будуць яны сюды завозіць”, — гаворыць дырэктар гомельскага прадпрыемства.
У такой сітуацыі радуе адно — кошты панізяцца у любым выпадку. Для сённяшняй Беларусі — гэта цуд. З іншага боку, за год цана на грэчку вырасце амаль у 6 разоў.