Беларускі рубель гандлюецца на міжбанку ад 4700 да 5300 за долар
Такі курс складаецца пасля адмены Нацбанкам негалоснай рэкамендацыі не перавышаць пры здзелках паміж банкамі і кампаніямі курс 4500/4600 рублёў.
На мінулым тыдні Нацбанк зняў усе абмежаванні на курсаўтварэнне паміж банкамі і кампаніямі, пасля чаго курс рубля знізіўся да 5000 за долар. Рэзкі рост каціровак долара Нацбанк паспрабаваў абмежаваць, рэкамендуючы банкам не выходзіць за межы 4500-4600 рублёў, пасля чаго таргі на міжбанкавым рынку заціхлі.
Учора гэтая негалосная рэкамендацыя была адменена, што, верагодна, было звязана з адменай дадатковай валютнай сесіі на Беларускай валютна-фондавай біржы.
"Першы дзень, вельмі вялікая разбежка на рынку. Ад 4700 да 5300. Думаю, урэшце рэшт курс сыдзецца на ўзроўні 5000", — сказала "Рэйтэр" крыніца на міжбанкаўскім рынку.