Беларускіх чыноўнікаў плануюць звальняць за Карту паляка
Новыя нормы распрацоўвае Міністэрства юстыцыі.
Мінюст падрыхтаваў законапраект пад назвай "Пра забеспячэнне абароны нацыянальных інтарэсаў Рэспублікі Беларусь". Паводле яго, грамадзяне Беларусі не будуць мець права карыстацца ільготамі і перавагамі, якія даюць замежныя дзяржавы, паведамляе сайт interfax.by. Мінюст не хавае, што прыняццё новага закону звязанае найперш з выдачай беларускім грамадзянам Карты паляка.
Пад новы закон будць падкарэктаваныя і іншыя, у тым ліку - "Пра дзяржаўную службу ў Рэспубліцы Беларусь", "Пра грамадскія аб'яднанні", "Пра грамадзянства".
Плануецца, што паводле новага закону беларускіх дзяржаўных службоўцаў будуць звальняць, калі яны не вернуць Карту паляка польскім дзяржаўным органам.
У Мінюсце лічаць, што паводзіны беларускіх грамадзян, якія атрымалі Карту паляка, могуць негатыўна адбіцца на нацыянальных інтарэсах Беларусі.