Беларускія алімпійцы кажуць, што не чулі аб скандале з Лукашэнкам
Усе спартоўцы з Беларусі падобныя ў адным: не хочуць казаць аб тым, што прэзідэнта іх краіны не пускаюць на Алімпійскія гульні ў Лондан.
Сябра зборнай Беларусі па скачках на батуце Вячаслаў Модзель заявіў sovsport.ru, што ўпершыню чуе аб інцыдэнце. Спартовец растлумачыў гэта тым, што думае толькі аб спаборніцтвах і ў інтэрнэце не сядзіць.
Удзельніца чатырох алімпіяд, сябра зборнай Беларусі па настольным тэнісе Вікторыя Паўловіч таксама заявіла, што нічога не чула пра скандал. Паводле яе слоў, яна шмат была на зборах, пастаянных трэніроўках і ў выніку поўнай загружанасці яна нічога не даведалася аб гэтым скандале.
Адзіны з апытаных, хто краем вуха чуў, што Аляксандра Лукашэнку не пусцяць у Лондан, — сябра велазборнай Браніслаў Самойлаў. Ён толькі заявіў, што гэта нейкая дзіўная сітуацыя.
Прэс-аташэ алімпійскай зборнай Беларусі Уладзімір Несцяровіч у сваю чаргу заявіў, што спартоўцам няма калі слухаць каляпалітычную траскатню.