Беларусы не давезлі ў Маскву партрэты правадыроў сацыялізму
І партрэты, і антыкварыят затрымалі смаленскія паліцыянты.
Груз антыкварыяту змясцілі на захоўванне. Як паведамляе "Расійская газета", тры беларусы везлі яго на аўтамабілі для продажу ў Маскву.
У кіроўцы аўто пры сабе не апынулася правоў. Але паліцыянтаў зацікавіла тое, што салон і багажнік легкавіка былі даверху запоўненыя партрэтамі правадыроў сацыялізму, бюстамі, старадаўнімі прасамі, патэфонамі ды іншым антыкварыятам. Быў таксама знойдзены пісталет часоў Другой сусветнай вайны і некалькі старых штык-нажоў.
Дакументы на кіраванне аўтамабілем мужчына папросту забыўся дома, неўзабаве іх яму прывезлі. Экспертнае даследаванне паказала, што пісталет непрыдатны для стрэлаў, штык-нажы ў сваім цяперашнім стане халоднай зброяй не з'яўляюцца. Тым не менш, смаленскія паліцыянты разам з беларускімі калегамі вырашылі праверыць, ці не з'яўляецца груз крадзеным.
Фота — ostaline.su