Бібліятэкар: Раней атрымоўвалі 1000 кніг у год, цяпер толькі 50
Як даведалася Еўрарадыё, бібліятэка можа заказваць толькі літаратуру, якую выдалі ў Беларусі.
Еўрарадыё высвятляла, што заказваюць і чытаюць у сельскіх і раённых бібліятэках. У Дварышчанскай сельскай бібліятэцы ў Лідскім раёне ёсць Каэльё з Муракамі, але гэтымі кнігамі мала хто цікавіцца.
“Раней кантынгент быў такі, што 50 працэнтаў чытачоў былі так званыя бічы, якія праводзілі час без тэлевізараў, бо іх не было. Тады вельмі папулярны быў Чэйз, фантастыка Кінга — для іх гэта быў верх дасканаласці. Гэта было амаль да 2000-х гадоў, калі паступалі горы кніг, кожны месяц вялікія партыі, і чыталі ўсе”, — кажа загадчыца бібліятэкі Людміла Марцінкевіч.
Новая беларуская літаратура ў бібліятэку амаль не паступае. Прысылаюць кнігі без уліку пажаданняў. Таму і даводзіцца радавацца тым некалькім дзесяткам вузкаспецыялізаваных ці духоўных кніг, што прывозяць пару разоў на год.
Марцінкевіч: “Апошнія паўгода вельмі цяжка. Калі раней маглі атрымоўваць да 1000 кніг у год, то цяпер максімум 50”.
А ў Івянецкай бібліятэцы ў Валожынскім раёне знайшоўся “Алхімік” і “Вераніка вырашае памерці” Каэльё. Няма Пялевіна ці Кундэры.
Затое ў Івянецкай бібліятэцы можна пачытаць Някляева — “Наскрозь” ці “Прошчу”. Ці Арлова з Чаргінцом. Але большасць цікавіцца іншай літаратурай:
“Самыя чытаныя, у асноўным, кнігі кшталту Данцовай, Усцінавай, Малышавай. Добра чытаюць Акуніна”.
У Зэльвенскай раённай бібліятэцы новую літаратуру прывозілі ў пятніцу. Сярод “навінак” “Кожнаму сваё” і “Катарга. Багацце” Валянціна Пікуля і “Вызваліцель” і “Апошняя рэспубліка” Віктара Суворава.
Як даведалася Еўрарадыё, бібліятэка можа заказваць толькі літаратуру, якую выдалі ў Беларусі.
Супрацоўніца Зэльвенскай раённай бібліятэкі: “Можам заказваць і рускую літаратуру, але толькі тую, што выдалі ў нас. Нам рэкамендуюць заказваць кнігі беларускіх выдавецтваў, і мы гэтую рэкамендацыю выконваем”.
Фота: kotomka.com