Большасць расіян выступаюць за пахаванне цела Леніна

Больш за палову апытаных (56%) падтрымліваюць пахаванне цела "правадыра сусветнага пралетарыяту", якое ад 1924 года захоўваецца ў Маўзалеі ў Маскве. Як адзначае РІА "Новости", за апошнія шэсць гадоў колькасць жадаючых вынесці адтуль Леніна павялічылася на 10%. Пакінуць яго ў Маўзалеі хочуць толькі 28% апытаных.

Дзіўна, але 54% апытаных перакананыя, што Уладзімір Ульянаў (Ленін) быў "добрым чалавекам", яшчэ больш людзей лічаць, што ён адыграў станоўчую ролю ў гісторыі Расіі.

Добра вядома, што Ленін быў адным з галоўных арганізатараў "чырвонага тэрору". "Неабходна правесці бязлітасны масавы тэрор супраць кулакоў, папоў і белагвардзейцаў; сумніўных зачыніць у канцэнтрацыйны лагер па-за горадам", — такія загады ён даваў падчас грамадзянскай вайны ў Расіі.

Фота — bymedia.net