Брэсцкі абласны суд адмовіў Дзмітрыю Шурхаю ў адмене пастановы райсуда
Шурхай мае намер працягваць дамагацца ўстанаўлення факта парушэння яго правоў затрыманнем і наступным арыштам.
Судовая калегія па крымінальных справах Брэсцкага абласнога суда 10 лютага пакінула без зменаў пастанову раённага суда Брэста ў дачыненні да актывіста дэмсіл Дзмітрыя Шурхая, прыгаворанага да пяці сутак арышту за непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі.
Як паведаміў БелаПАН праваабаронца Раман Кісляк, судовая калегія палічыла, што для адмены рашэння суда няма падстаў.
"Шурхай мае намер працягваць дамагацца ўстанаўлення факта парушэння яго правоў затрыманнем і наступным арыштам", — сказаў праваабаронца.
Нагадаем, Дзмітрый Шурхай, Юрый Бакур і Андрэй Шарэнда былі затрыманы ў Брэсце вечарам 21 снежня. Актывістаў даставілі ў Маскоўскі РАУС Брэста. Раённы суд прыгаварыў кожнага да пяці сутак арышту.