Брэстаўчане патрабуюць пабудаваць мост праз чыгунку (фота)

Гэта насельнікі новага мікрараёна ў канцы вуліцы Машэнскага. Раней яны хадзілі цераз чыгунку ў суседні мікрараён “Усход”, дзе маюць працу, дзіцячыя садкі і добрае транспартнае злучэнне. Цяпер чыгунку абнеслі бетонным плотам і сцерагуць з сабакамі. У выніку дарога для жыхароў мікрараёна значна павялічылася. Аўтобусам аб’ехаць чыгунку можна найхутчэй за 45 хвілін, дарога пешшу праз яе займае 10 хвілін.

Старшыня жыллёва-будаўнічага спажывецкага кааператыва №313 Аляксандр Старавойтаў заявіў на сходзе жыхароў:

Старавойтаў: "Як альтэрнатыву дрэнна арганізаванаму руху транспарту па вуліцы Машэнскага мы патрабуем пабудаваць самы просты, недарагі пешаходны пераход або мосцік цераз чыгунку. Упэўненыя, што пакуль пабудуюць запланаваны як працяг Партызанскага праспекта аўтамабільны мост, не адно пакаленне жыхароў Бярозаўкі (мікрараён Брэста. — Еўрарадыё) скажа “дзякуй” за пешаходны мосцік".

Жыхары гатовыя фінансаваць праект пешаходнага маста.