Брэсцкія валанцёры рэанімуюць знішчаную вандалам алею
З такой ініцыятывай выступіла інтэрнет-супольнасць гораду.
Нагадаем, што 6 верасня на вуліцы Савецкай у Брэсце, якая з'яўляецца цэнтральнай пешаходнай вуліцай гораду, невядомыя зламалі маладыя дрэвы. Пасля амаль месяцу пошукаў супрацоўнікамі крымінальнага вышуку быў затрыманы вандал, якім аказаўся 26-гадовы раней судзімы беспрацоўны жыхар Брэста. Ён мусіць выплаціць матэрыяльную шкоду, сума якой складае больш за 3,8 мільёна рублёў. Акрамя таго, распачата крымінальная справа па артыкуле "Хуліганства".
Інтэрнэт-супольнасць ў складзе досыць вядомых у брэсцкай сетцы інфармацыйных парталаў выступіла з ініцыятывай высадзіць сваю алею на месцы загубленага маладога парасніку клёнаў на Ліхтарным завулку. Так на 14 кастрычніка а 13.00 запланаваная экалагічная акцыя, да ўдзелу ў якой запрашаюцца ўсе неабыякавыя брэстаўчане. Як паведамляе "Віртуальны Брэст", мерапрыемства будзе адказам на вандалізм, які апошнім часам вельмі актывізаваўся ў Брэсце.