Брытанец вінаваціць Следчы камітэт Беларусі ў зрыве інвестпраекта

Ён патрабуе пачаць крымінальную справу супраць службовых асоб Следчага камітэта. Мінін лічыць, што яны злоўжываюць уладай і службовымі паўнамоцтвамі.

Як паведамляе БелаПАН са словаў Мініна, уладальніка кампаніі Advance Chronicle Limited, ён планаваў рэалізаваць праект па вырабе наглядных навукова-метадычных дапаможнікаў на Стаўбцоўшчыне. Крэдыт пад праект вылучыў адзін з самых буйных фінансавых кангламератаў свету — банк HSBC.

Летась у красавіку з выкупленага Мініным будынка былой школы ў вёсцы Пруды невядомыя дэмантавалі сістэму ацяплення і вывезлі 46 пакетаў чыгунных радыятараў. Праўда, неўзабаве амаль палова выкрадзенага была загадкавым чынам вернутая. Па словах Мініна, гэта адбылося пасля яго заявы аб прыпыненні інвестпраекта.

Мінін кажа, што ад красавіка 2012 года папярэдняе расследаванне справы пра крадзеж радыятараў неаднаразова прыпынялася, але потым ізноў аднаўлялася. Сам праект дагэтуль не працуе, хаця мусіў пачаць працу летась у жніўні.

У Следчым камітэце адзначаюць, што вінаватых у крадзяжы пакуль не знайшлі. Сам Мінін, кажуць следчыя, паказанняў не даваў. 25 красавіка Следчы камітэт чарговы раз прыпыніў папярэдняе расследаванне крадзяжу. Міні у адказ пагражае, што пачне "ажыццяўляць у Вялікабрытаніі і ў ЕС шэраг мерапрыемстваў".

Фота — telegraf.by