Брытанскі мільянер прызнаўся ў пастаўках зброі Ірану
66-гадовы мільянер з Вялікабрытаніі Крыстафер Тапін прызнаўся ў спробе прадаць Ірану часткі для ракет у абыход міжнародных санкцый.
Такое прызнанне ён зрабіў на судзе ў амерыканскім горадзе Эль-Паса (штат Тэхас). Суд рыхтуе яму максімальнае пакаранне — 33 месяцы турэмнага зняволення.
Тапін хацеў прадаць Ірану 50 акумулятараў для ракетных сістэм. Спярша англічанін адмаўляў абвінавачанне, аднак следства здолела знайсці неабвержныя доказы яго віны, перадае РБК. Следства выявіла, што дэталі для сістэм класа "зямля-паветра" мусілі таемна перавезці з Амстэрдама ў Тэгеран.
Абвяшчэнне прысуду прызначанае на 9 студзеня. Першапачаткова брытанцу пагражаў 35-гадовы тэрмін. Але мільянер супрацоўнічаў са следствам, таму тэрмін пакарання істотна знізілі. Тапін зможа сам абраць, у якой краіне адбываць пакаранне — у Вялікабрытаніі ці ЗША.
Фота — AFP