Былы галоўны фінансавы следчы атрымаў тры гады пазбаўлення волі
Акрамя таго ў былога следчага канфіскуюць маёмасць.
Такі прысуд вынесены начальніку Упраўлення па расследаванні злачынстваў Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю Дзмітрыю Адамовічу.
Як нагадвае "Ежедневник", акрамя Адамовіча па гучнай крымінальнай справе абвінавачванай праходзіла былая кіраўніца Упраўлення прадпрымальніцтва і ліцэнзавання Камітэта эканомікі Мінаблвыканкаму Ірына Ільюкевіч. Таксама на лаве падсудных апынуліся два бізнэсоўцы, якіх вінавацілі ў дачы хабару, і два мінчукі, якіх вінавацілі ў махлярстве і падбухторванні да дачы хабару.
У сваім апошнім слове перад вынясеннем прысуду Адамовіч прамаўляў 1,5 гадзіны. Ён спрабаваў пераканаць суддзю ў сваёй невінаватасці. Адамовіч не стаў даваць ацэнку дзеянням следчых і аператыўнікаў КДБ, але намякнуў на зацікаўленасць следства.
"Ежедневник" нагадвае, што ў выніку праверкі Савета бяспекі былі выяўленыя схемы, па якіх у Дэпартаменце фінансавых расследаванняў выводзілі з-пад крымінальнага пераследу бізнэсмэнаў. Прычым самае непасрэднае дачыненне да гэтага меў нібыта Дзмітры Адамовіч.
Ірына Ільюкевіч за хабарніцтва і махлярства прысуджаная на 6 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй.