Былы кіраўнік Усходняга партнёрства працуе на “Газпрам”

Скандальную інфармацыю распаўсюдзіла ў сваім рапарце антыкарупцыйная асацыяцыя ALTER-EU.

Высокапастаўлены чыноўнік Еўракамісіі да канца снежня 2010 года кіраваў праграмай Усходняе партнёрства. Адразу пасля выхаду на пенсію ён уладкаваўся на прыбытковую працу ў кансалтынгавае агенцтва G+, перадае Польскае радыё для замежжа. Фірма дапамагае разнастайным кампаніям і ўрадам прасоўваць свае інтарэсы ва ўладных структурах Еўрасаюзу. Агенцтва G+ аказвае паслугі ў тым ліку ўраду Расіі ды дзяржаўнаму газаваму манапалісту — кампаніі “Газпрам”.

Паводле заканадаўства, былыя чыноўнікі Еўракамісіі яшчэ два гады пасля свайго звальнення павінны інфармаваць яе пра ўсе намеры знайсці новае месца працы. І Еўракамісія мае права забараніць былому функцыянеру працу ў фірме, якая можа выкарыстаць яго веды і сувязі ў шкодных мэтах. Аднак на практыцы гэтая норма не выконваецца, сцвярджае ALTER-EU. Асацыяцыя адзначае, што “Газпрам Экспарт” і Расія зацікаўленыя ў ведах чыноўніка, які адказваў за ўсходнюю палітыку Еўрасаюзу.