Былы рыэлтар здаваў у Мінску выдуманыя кватэры

Як паведамляе БелаПАН, малады чалавек некалькі месяцаў працаваў у адным з мінскіх рыэлтарскіх агенцтваў. Калі ён застаўся без працы, бо агенцтва зачынілася, то вырашыў працаваць на сябе.

Па звестках міліцыі, экс-рыэлтар знаходзіў у Сеціве кватэры для арэнды і прапаноўваў іх гаспадарам свае паслугі як агент. Патэнцыйным арандатарам малады чалавек казаў, што трэба ўнесці перадаплату — 400-500 тысяч рублёў. Часам ён сапраўды засяляў людзей у кватэры, а часам проста браў перадаплату і больш не выходзіў з імі на сувязь.

Ілжэрыэлтара знайшлі пасля заявы падманутай дзяўчыны. У верасні яна заплаціла яму перадаплату — 50 долараў, пасля чаго малады чалавек перастаў адказваць на тэлефанаванні.

Міліцыянты выявілі прынамсі чатырох ахвяраў ілжэрыэлтара, але не выключаюць, што іх можа быць больш. Дарэчы, падчас праверкі высветлілася, што адна з арандаваных "кватэраў" апынулася гаражным кааператывам.

Фота — belforex.com