Чэхія абмяркуе супрацоўніцтва з прадстаўнікамі афіцыйнай Беларусі
Дэлегацыя Беларусі абмяркуе 5-6 траўня ў Празе супрацоўніцтва ў эканоміцы, прамысловасці і навукова-тэхнічнай сферы.
Трэцяе паседжанне Беларуска-чэшскай змяшанай камісіі па эканамічным, прамысловым і навукова-тэхнічным супрацоўніцтве пройдзе 5-6 траўня ў Празе, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Міністэрства замежных спраў Беларусі.
Беларускую дэлегацыю на паседжанні ўзначаліць намеснік міністра замежных спраў Валерый Варанецкі, чэшскую - намеснік міністра прамысловасці і гандлю Мілан Гаворкі.
Плануецца, што бакі разгледзяць шырокі спектр пытанняў двухбаковага супрацоўніцтва ў сферы машынабудавання, энергетыкі і газавай прамысловасці, транспарта, сельскай гаспадаркі і харчовай прамысловасці, стандартызацыі і метралогіі, навукова-тэхнічнай і інавацыйнай сферы, абмяркуюць стан і перспектывы развіцця дамоўна-прававой базы, а таксама іншыя актуальныя пытанні, якія ўяўляюць узаемную цікавасць.
У рамках працы камісіі пройдуць паседжанні працоўных груп па супрацоўніцтве ў сферы машынабудавання, транспарта, навукова-тэхнічнай і інавацыйнай сферы.
Запланавана сустрэча сустаршыняў камісіі Валера Варанецкага і Мілана Гаворкі, на якой будуць абмеркаваны пытанні далейшага развіцця беларуска-чэшскага гандлёва-эканамічнага, інвестыцыйнага і навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва.