Ці адмяніла Shakira канцэрт у Беларусі?

Калумбійскую поп-зорку Shakira, нібыта, спалохала палітычная сітуацыя ў Беларусі, таму яна вырашыла перастрахавацца і адмяніць травеньскі канцэрт у Мінску. Пра гэта паведаміў сайт "МУЗ.РУ", які спасылаецца на англійскае выданне The Independent. У сённяшнім нумары, сапраўды, ёсць артыкул пра акцыю пратэсту супраць рэпрэсій у Беларусі, якая прайшла ўчора ў Лондане, але пра Шакіру — ні слова. Верагодным арыгіналам, на падставе якога расійскі сайт мог напісаць свой артыкул, можа быць публікацыя на сайце contactmusic.com, якая з'явілася яшчэ 26 сакавіка. Але і там гаворыцца толькі пра заклік да Шакіры адмяніць канцэрт у Мінску.
 

Арганізатары канцэрту абвяргаюць інфармацыю пра адмену канцэрту. Яны называюць яе "ілжывай". На сённяшні дзень ужо прададзена 12 тысяч білетаў, сцвярджаюць арганізатары. Шакіра пабіла рэкорды па продажах квіткоў у Беларусі.

Адзначым таксама, што канцэрт у беларускай сталіцы па-ранейшаму згадваецца на сайце Шакіры.