Ці магчымае партнёрства паміж рэгіёнамі Польшчы, Беларусі і Нямеччыны?

Адны зазначалі, што цяперашні стыль кіравання Беларуссю амаль не пакідае поля для міжнароднага супрацоўніцтва і інвеставання ў нашую краіну. Іншыя — што Беларусь мае большы патэнцыял для супрацоўніцтва за сваю суседку Украіну.

Форум памежнай супрацы Польшча — Беларусь — Нямеччына прайшоў днямі у польскім горадзе Бяла-Падляска пры мяжы з Беларуссю. Ён меўся разгледзець “выклікі для рэгіянальнай супрацы”.

На канферэнцыю прыехала шматлікая дэлегацыя з Беларусі — больш за 30 прадстаўнікоў Гродзенскага і Брэсцкага аблвыканкамаў, Міністэрства навакольнага асяроддзя, парламенту і бізнэсоўцаў. Былі і прадстаўнікі недзяржаўных арганізацый, у прыватнасці, Фонда імя Льва Сапегі і Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта.



Войцех Бародзіч-Смалінскі, адзін з арганізатараў форума, прадстаўнік  Цэнтра міжнародных адносін МЗС Польшчы, лічыць, што прадстаўнічая беларуская дэлегацыя — паказчык таго, што ў беларускіх уладаў ёсць жаданне працаваць: “Гэтыя знаёмствы будуць добрым грунтам для новых партнёрскіх праграмаў у бізнэс-адносінах паміж нашымі краінамі”.

Падчас трохдзённай сустрэчы ўдзельнікі абмеркавалі шмат пытанняў — ад інвестыцый у памежным рэгіёне, развіцця малога і сярэдняга бізнэса да ўвядзення новых тэхналогій ў галіне аховы навакольнага асяроддзя. 

Паводле Бародзіча-Смалінскага, галоўнай мэтаю мерапрыемства было параўнаць польска-нямецкі досвед супрацы 1990-х з цяперашнім польска-беларускім досведам.

Бародзіч-Смалінскі: “Польшчы таксама была патрэбная дапамога. Гэтую дапамогу мы знайшлі ў немцаў. Белую Падляску мы выбралі, таму што важна паказаць мясцовым жыхарам, што  Ўсходняя Польшча — гэта не Польшча класа B або С. Тое, што адбываецца у міжнароднай палітыцы, мае ўплыў на іх жыццё”.

Спадар Бародзіч упэўнены, што ў Беларусі нашмат большы патэнцыял, чым у іншых суседак Польшчы: “Мы абралі Беларусь, таму што гэта перспектыўная краіна і мае большы шанец на інтэграцыю ў Еўрасаюз за, напрыклад, Украіну, бо Беларусь меншая і ў яе няма праблем з сельскай гаспадаркай. Беларусь на 70% урбанізаваная, а грамадзяне адкрытыя, гатовыя да зменаў. Толькі трэба бачыць кірунак гэтых зменаў”.

Асноўнай перашкодай для супрацоўніцтва, на думку ўдзельнікаў, з’яўляецца польска-беларуская мяжа і візавыя праблемы.



Аляксандр Стральцоў, выкладчык Цэнтра бізнэс-адукацыі ЕГУ, адзначыў яшчэ перашкоды: “Паводле заканадаўства, інвестыцыі у праект павінны складаць не меней за 1 млн еўра — гэта сур’ёзны бар’ер для малых і сярэдніх прадпрыемстваў, бо яны не могуць задэклараваць такую суму. У сувязі з гэтым не могуць увайсці ў СЭЗ.  Інавацыйны працэс ідзе там, дзе ёсць высокі ўзровень канкурэнцыі і імкненне да канкурэнтнай перавагі”.

Аляксандр Стральцоў зрабіў выснову, што мэты беларускіх СЭЗ былі выстаўленыя няслушна, у сувязі з чым іх праца не прыносіць жаданых вынікаў. 

Віцэ-старшыня беларускай асацыяцыі “Аднаўляльная энергетыка” Ўладзімір Нісцюк зазначыў, што сур’ёзная праблема для Беларусі — утылізацыя адкідаў: “У Беларусі штогод збіраецца 3 млн тон цвёрдых адкідаў, якія звозяцца на палігоны, і ніхто не бачыць маштабаў іх выкарыстання. Другое — штогод у нас зліваецца 1 млн 400 тыс. тон адпрацаваных алеяў. Сёння ў нас дзве праблемы са смеццем: мы не ўмеем яго правільна збіраць. У нас у адзін пластыкавы пакет ідуць каша, метал, фанера, папера і іншае. Еўрапейскія дзяржавы аплочваюць вываз і збор смецця па сур’ёзных тарыфах. Нашыя людзі няздольныя плаціць такія грошы. Таму прыходзіць інвестар і кажа, што лепш пабудаваць смеццеперапрацоўчы завод у Еўропе, чым у Беларусі, бо гэта нерэнтабельна”.



Спадар Нісцюк кажа, што праблема Беларусі — слабая інавацыйнасць:  “У нас ёсць распрацоўкі, якія абагналі не толькі нямецкія, але і амерыканскія. Але ў нас сыходзіць шмат часу ад распрацоўкі да ўкаранення. Калі на Захадзе распрацоўкі імгненна фінансуюць, то ў нас нафтагазавае лобі кажа, што пакуль газ не падняўся ў кошце, значыць не трэба. Таму з'яўляецца канкурэнцыя з розных краін. Кітай вядзе экспансію: то паўтара мільярда даюць, цяпер дадуць яшчэ 15. Яны ўкараняюць свае тэхналогіі ў нас і спрабуюць паставіць сябе ў цэнтры Еўропы”.