Дырэктар маскоўскага “Дынама”: Знарок не ўзначаліць зборную Беларусі

Гендырэктар расійскай каманды Андрэй Сафронаў заявіў, што не збіраецца адпускаць спецыяліста на іншую працу або дазваляць яму сумяшчэнне пасадаў.

“Знарок зборную Беларусі не ўзначаліць. Мы супраць. Спачатку трэба навесці парадак у сваёй хаце”, — заявіў “Спорт-Экспрэсу” Сафронаў.

Прэзідэнт маскоўскага “Дынама” Міхаіл Цюркін кажа, што калі б трэнеру паступіла прапанова ад зборнай Расіі, то ў клубе не пярэчылі б. Цяпер жа, па словах Цюркіна, іншая сітуацыя.

“Зараз ідзе гаворка пра каманду іншай дзяржавы. Так, Знарок да апошняга часу працаваў у зборнай Латвіі, і “Дынама” не пратэставала. Але тады быў адзін нюанс — трэнер прыйшоў у наш клуб будучы трэнерам латвійцаў, і мы не хацелі нічога ламаць”.

Нагадаем, што раней Федэрацыя хакея Беларусі вяла перамовы з Уладзімірам Крыкуновым. Але кіраўніцтва казанскага “Ак Барса”, які нядаўна ўзначаліў Крыкуноў, таксама выказалася супраць сумяшчэння працы ў клубе і зборнай. Кіраўнік нашай Федэрацыі Яўген Ворсін у інтэрв’ю Еўрарадыё заяўляў, што кантракт са Знарком павінен быць падпісаны пасля 20 ліпеня. Цяпер жа ўдакладняюцца дэталі. Сам трэнер паведаміў нашаму радыё, што пытанне яшчэ адкрытае.