Дзень Волі: Акцыя завяршылася без затрыманняў

Арганізатараў Дня Волі могуць прыцягнуць да адказнасці

Як распавёў у інтэрв'ю Еўрарадыё начальнік прэс-службы сталічнай міліцыі Аляксандр Ластоўскі, удзельнікі шэсця ў бок Кастрычніцкай плошчы парушылі закон, за гэта арганізатарам пагражае штраф або адміністрацыйны арышт.

Аляксандр Ластоўскі: "Безумоўна, як мы ўсе бачылі, удзельнікі мерапрыемства пайшлі недазволеным шляхам. На ўсе патрабаванні супрацоўнікаў міліцыі спыніць парушэнні правапарадку яны не рэагавалі. Былі спыненыя толькі дэманстрацыяй выстаўленага ланцугу супрацоўнікаў палка міліцыі спецыяльнага прызначэння. Сілавога кантакта не адбылося. Але закон аб масавых мерапрыемствах быў парушаны. Я магу сказаць, што будзе дадзена прававая ацэнка гэтай сітуацыі".


Арганізатары мерапрыемства падпісалі дакумент, дзе абяцалі, што шэсце пойдзе толькі па дазволеным маршруце. Як адзначыў Ластоўскі, правакацый з боку ўдзельнікаў мітынгу не было, таксама падчас правядзення акцыі не адбывалася затрыманняў.

Паводле ацэнак міліцыі, максімальная колькасць людзей каля Акадэміі Навук дасягнула 700 чалавек, СМІ ж давалі трохі іншыя лічбы — каля 1000 і нават больш.

Аляксандр Ластоўскі сказаў, што міліцыя будзе працаваць па інфармацыі аб магчымасці выбуху, якая з'явілася напярэдадні акцыі:

"Паступіла да нас інфармацыя, што некалькі замежных грамадзян прыехалі ў Мінск, каб правесці выбух прыстасавання, аналагічнага таму, што была ўзарваная 3 ліпеня 2008 года. Таму начальнік міліцыі звярнуўся да прысутных, каб яны звярталі ўвагу на падазроных людзей і прадметы. Гэта насіла толькі рэкамендацыйны характер. Мы абавязаны распачаць усе меры, хай і самыя строгія, каб такога не адбылося".

19.54 Дэманстранты сыходзілі дадому з упэўненасцю, што іх зноў пакажуць па тэлевізары як алкаголікаў і адмарозкаў.


Як вы лічыце, што сёння пакажуць па беларускім тэлебачанні, запыталіся мы ў самым канцы акцыі?



"Калі толькі па Белсаце, а па астатніх наўрад ці што-небудзь сапраўднае пакажуць", "Дрэнныя апазіцыянеры прыйшлі і пачалі крычаць нешта незразумелае", "Неяк я бачыў, як гэта ўсё робіцца, калі паказваюць толькі пачатак акцыі, калі толькі 3 чалавекі, і канец, калі 200", "Пасяўную ніяк не пакажуць, можа тады пра нашы поспехі ўзаемаадносін з Венесуэлай і якога-небудзь п'янага, які будзе сімвалізаваць усё апазіцыйнае ў Беларусі".

19.43 Дзень Волі без забарон і без АМАПа? Напрыканцы акцыі Еўрарадыё зазірнула ў вочы мітынгуючых і запытала, які ён, ідэальны Дзень Волі?



"Без забарон і без АМАПа", "Гэта павінен быць выхадны дзень!", "Гэта Дзень Волі, які рыхтавала моладзь, а не нашае роднае БНФ", “Хацелася, каб гэта былі не мае сябры, з якімі я штогод адзначаю Дзень Волі, а каб гэта была ўся Беларусь”, "Без загадаў зверху, без разнарадак, і тады ўсё добра атрымаецца", "Калі гэта будзе не дэманстрацыя, а нацыянальнае святкаванне".

19.33 Акцыя завяршылася пакуль без затрыманняў









Група моладзі, узначаленая "Маладой Беларуссю", дайшла да скрыжавання праспекта Незалежнасці і вуліцы Броўкі. Дарогу ім перакрылі каля 70 АМАПаўцаў у бронекамізэльках і шлемах. Яны не парпускалі не толькі мітынгоўцаў, але і звычайных мінакоў.

Кіраўнік мінскай міліцыі Леанід Фармагей угаворваў удзельнікаў шэсця не парушаць закон і разысціся. Праз некалькі хвілінаў супрацьстаяння "Маладая Беларусь" згарнула свае расцяжкі. Моладзь пачала разыходзіцца.




19.23 "Белая Воля" скончыла сваю акцыю каля "Рыгі"

"Белавольцы" дайшлі толькі да ўніверсаму "Рыга". На прыступках крамы яны правялі невялікі імправізаваны мітынг, пракрычаўшы некалькі лозунгаў. Пасля гэтага ўдзельнікі акцыі разышліся. Тым часам моладзь, якая рушыла ўбок плошчы Якуба Коласа, спыніў спецназ у бронекамізэльках





19.11 "Маладая Беларусь" рушыла на Якуба Коласа, а "белавольцы" спыніліся на Рызе

Група моладзі на чале з "Маладой Беларуссю" рушыла па праспекце Незалежнасці ў бок плошчы Якуба Коласа. Як паведаміў лідэр руху Артур Фінькевіч, яны ідуць па заяўленым маршруце, каб праверыць, наколькі дэмакратычная ўлада ў Беларусі. "Калі міліцыя нам перакрые шлях, - заявіў Фінькевіч, - мы будзем з імі размаўляць". У групе таксама заўважныя Павел Севярынец, Віталь Рымашэўскі.

Пешаходную вуліцу групе ім перакрыў ланцуг АМАПу.

Тым часам прадстаўнікі "Белай волі", якія пайшлі на Бангалор, спыніліся калі ўніверсама "Рыга"



18.51 Удзельнікам мітынгу прапанавалі стаць у ланцуг уздоўж праспекту


Удзельнікам мітынгу ў Мінску парпанавалі стаць ланцугом уздоўж праспекту Незалежнасці. З такой прапановай выступіў Аляксей Шэін, адзін з актывістаў аргкамітэту па стварэнні партыі Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя.

Па яго словах гэта пакажа мінакам, што Мінск адзначае Дзень Волі.




18.49 "Белую Волю" прыехала здымаць група дзяржаўнай тэлевізіі

"Белавольцы" рухаюцца з лозунгамі "Кідай бухаць - ідзі змагацца!" і іншымі падобнымі. Да іх пад'ехала машына са здымачнай групай БТ. Міліцыянты суправаджаюць "белавольцаў", але не чапаюць іх.

18.45 "Белая Воля" аддзялілася ад мітынгу і рушыла ў бок Бангалора


Ад агульнага сходу аддзялілася група з пару дзясяткаў удзельнікаў незарэгістраванай арганізацыі "Белая Воля". Спачатку яны спрабавалі прайсці па праспекце Незалежнасці ў бок Нацыянальнай бібліятэкі, аднак дарогу ім перакрылі АМАПаўцы.

"Белавольцы" не пайшлі на канфлікт з праваахоўнікамі і накіраваліся па вуліцы Сурганава ў бок плошчы Бангалор. Група "белавольцаў" цалкам ачэпленая міліцыянтамі.




18.34 Міліцыя абяцала не спыняць акцыю, калі не будзе беспарадкаў


Перад журналістамі выступіў прэс-сакратар мінскай міліцыі Аляксандр Ластоўскі. Ён паабяцаў, што міліцыя не будзе спыняць акцыю, калі ўдзельнікі не дапусцяць беспарадкаў.

На акцыі працуе міліцэйская інфармацыйная група з двух чалавек. Заўважаныя таксама два міліцыянты з сабакамі.











18.23 Следам за Янукевічам выступіў лідэр аргкамітэта па стварэнні партыі Беларуская Хрысціянская дэмакратыя Віталь Рымашэўскі.


18.17 Прысутныя ўшанавалі памяць пісьменніка Кастуся Тарасава

З прапановы лідэра Партыі БНФ Аляксея Янукевіча ўдзельнікі мітынгу ў Мінску ўшанавалі хвілінай маўчання памяць пісьменніка Кастуся Тарасава.

Аўтар вядомых гістарычных аповесцяў, раманаў эсэ памёр днямі ў сталіцы.





18.15 Мітынг на Дзень Волі распачаў лідэр Партыі БНФ Аляксей Янукевіч


На пляцоўцы каля Акадэміі навук сабралася каля тысячы чалавек. Як паведамляе карэспандэнт Еўрарадыё, ёсць шмат нацыянальных бел-чырвона-белых сцягоў, а таксама сцягоў Еўрасаюза і Руха "За Свабоду".

А 18-й гадзіне пачаўся мітынг. Паколькі ўзмацняльную апаратуру затрымалі міліцыянты, лідэр Партыі БНФ Аляксей Янукевіч пачаў мітынг праз мегафон.

18.00 "У нас лозунг адзін – За Беларусь!"

Каля Акадэміі Навук сабралася каля тысячы чалавек. З якім лозунгам людзі прыйшлі на мітынг з нагоды Дня Волі?



“У нас лозунг адзін – За Беларусь!”, “Вясну ў сэрцы!”, “Беларусь сябруе з усімі суседзямі” “А лозунг які? Беларусь без...!”.







17.58 Перад прысутнымі выступіў начальнік мінскай міліцыі


Перад удзельнікам Дня Волі, якія сабраліся на пляцоўцы каля Акадэміі навук, выступіў начальнік мінскай міліцыі генерал-маёр Леанід Фармагей. Ён заявіў, што на акцыю прыехала "група дэструктыўных элементаў з суседняй дзяржавы".

Па словах міліцыянта, яны прыехалі адмыслова дзеля стварэння правакацыяў. Фармагей не назваў ні канкрэтную дзяржаву, ні колькасць "дэструктьыўных элементаў". Фармагей папрасіў прысутных паведамляць міліцыі, калі яны заўважаць побач з сабой падазроных асобаў.




17.45 Міліцыя затрымала апаратуру для правядзення мітынгу

У 200 метрах ад Акадэміі навук ДАІ спыніла машыну з гукаўзмацняльнай апаратурай для правядзення мітынгу: для выступу лідэраў і выступу бардаў.

Машыну адвезлі ў Цэнтральны РАЎС нібыта з нагоды таго, што яна крадзеная. Пра гэта Еўрарадыё паведаміў актывіст ПБНФ Віктар Івашкевіч.

17.40 Непадалёк ад Акадэміі навук ужо дзяжураць аўтазакі і аўтобусы з міліцыяй











17.00 Напярэдадні акцыі Еўрарадыё прагулялася па сталічных вуліцах. Пытаем у мінчукоў па дарозе з Кастрычніцкай да Акадэміі Навук: Што асаблівага сёння ў горадзе адбываецца?



"Мы ідзем на трамвай, але я не думаю, што гэта так важна!", "Іду на філалагічны факультэт! Там будзе конкурс Містэр факультэта", "Трэба глядзець на расцяжкі, можа нейкі госць прыехаў?". Бліжэй да Акадэміі навук адказы пачалі змяняцца: "А вунь, на Акадэміі навук сасіскі бясплатна раздаюць! Там, дзе людзі стаяць з бел-чырвона-белымі сцягамі".



Галоўнае фота — bymedia.net