Дзмітрыя Мядзведзева просяць спыніць атамную "авантуру" ў Беларусі
Экалагічныя арганізацыі Расіі і Беларусі звярнуліся сёння да прэзідэнта РФ Дзмітрыя Мядзведзева з просьбай спыніць удзел Расіі ў праекце беларускай АЭС.
У звароце падкрэсліваецца, што рашэнне наконт будаўніцтва беларускай АЭС было прынятае са шматлікімі парушэннямі прынятых у такіх выпадках працэдур. Праект станцыі з'яўляецца недапрацаваным і ўяўляе сур'ёзную экалагічную пагрозу, як для самой Беларусі, гэтак і для сумежных краін. Нягледзячы на гэта, дзяржкарпарацыя "Расатам" плануе распачаць яго рэалізацыю ўжо ў верасні 2011 года.
"Выдзяленне сродкаў на беларускую АЭС з расійскага бюджэта — гэта не проста змарнаваныя грошы, якія маглі бы дапамагчы мадэрнізаваць энергетычную прамысловасць. Гэтыя грошы могуць прывесці да новых аварый на АЭС у Беларусі, якая ўжо і так моцна пацярпела ад Чарнобыля", — мяркуе Уладзімір Слівяк, сустаршыня расійскай групы "Экаабарона!".
"Праект, які збіраюцца рэалізаваць у Беларусі, не апрабаваны ў Беларусі, не апрабаваны нідзе ў свеце. Шмат якія тэхнічныя характарыстыкі беларускай АЭС — ад сістэмы апрацоўкі і вывазу адкідаў да трываласных параметраў корпуса рэактара — выклікаюць шмат пытанняў, на якія ініцыятары будаўніцтва не далі ўцямнага адказу. У гэтых варунках нават размовы пра будаўніцтва выглядаюць авантурай, якая мяжуе са злачынствам", — заявіў сайту anti-atom.ru Юрый Варонежцаў, былы адказны сакратар Камісіі УС СССР па разглядзе прычынаў аварыі на Чарнобыльскай АЭС, які падпісаўся пад зваротам.