Дзярждэпартамент ЗША: Беларусь застаецца аўтарытарнай дзяржавай

У дакуменце адзначаецца, што найбольш актуальнай для Беларусі праблемай галіне правоў чалавека з’яўляецца немагчымасць грамадзян змяніць уладу. Апошняя пазбаўленая бар’ераў і процівагаў, яна працягвае груба парушаць правы і свабоды грамадзян. У краіне па-ранейшаму існуюць палітвязні, дагэтуль улады не расследавалі справы пра палітычна матываваныя знікненні апанентаў рэжыму.

Таксама Дзярждэпартамент ЗША адзначае факты перавышэння сілы праваахоўнымі органамі ў дачыненні да затрыманых мірных дэманстрантаў. Згадваецца выкарыстанне катавання ці жорсткага абыходжання ў часе расследавання і ў турмах, дзе ўмовы ўтрымання застаюцца кепскімі.

Беларускія ўлады, згодна са справаздачай, дапускалі арышты, затрыманні і змяшчэнні за краты грамадзян за крытыку дзяржаўных чыноўнікаў, удзел у дэманстрацыях, а таксама па іншых палітычных матывах.
Судовая ўлада пазбаўленая эфектыўнасці і пакутуе ад палітычнага ўмяшання: рашэнні судоў часта загадзя перадвызначаныя, а паседжанні праводзіліся ў зачыненым рэжыме або завочна, гаворыцца ў справаздачы.

Улады Беларусі, адзначаецца ў дакуменце, па-ранейшаму абмяжоўваюць грамадзянскія свабоды, у тым ліку свабоду слова, друку, сходаў, асацыяцыяў, рэлігіі і перасоўвання. Зафіксаваныя факты канфіскацыі друкаваных матэрыялаў у актывістаў грамадзянскай супольнасці і незалежных СМІ, былі перашкоды ў распаўсюджванні інфармацыі.

Знешнепалітычнае ведамства ЗША звяртае ўвагу на факты пераследу праваабаронцаў, няўрадавых арганізацый, палітычных партый і незалежных прафсаюзаў. Апроч таго, крытыкуецца бяздзеянне дзяржавы ў дачыненні службовых асобаў, якія дапускалі парушэнні правоў чалавека, інфармуе БелаПАН.