Дзярждэпартамент ЗША рыхтуе рэзалюцыю ААН па Беларусі
Пра гэта гаворыцца ў дакладзе кіраўніцы Бюро Дзярждэпартаменту ЗША па працы з міжнароднымі арганізацыямі Эстэр Брымэр.
Злучаныя Штаты вядуць перамовы "з шырокім колам краінаў" наконт прыняцця рэзалюцыі па Беларусі ў Савеце ААН па правах чалавека. Пра гэта гаворыцца ў дакладзе Эстэр Брымэр, кіраўніцы Бюро Дзярждэпартаменту ЗША па працы з міжнароднымі арганізацыямі, паведамляе Радыё Свабода.
Таксама ў сераду амбасадарка ЗША пры Савеце ААН па правах чалавека Эйлін Чэмбрлейн Донагоў выступіла з заявай, у якой выказала заклапочанасць Злучаных Штатаў тым, што ў некаторых краінах свету душаць мірныя акцыі пратэсту.
У прыватнасці, Чэмбрлейн нагадала, што беларускія ўлады "зняволілі трох апазіцыйных кандыдатаў ў прэзідэнты і асудзілі, прынамсі, 38 апазіцыйных актывістаў на судовых працэсах, якія не дасягалі самых мінімальных стандартаў, што патрабуюцца ад справядлівай і незалежнай сістэмы юстыцыі".
"Урады павінны быць прыцягнутыя да адказнасці за парушэнні асноўных правоў сваіх грамадзян на свабоду сходаў, волевыяўлення, рэлігіі і слова", – заявіла прадстаўніца ЗША.