ЕАБР: Абмяркоўваць трэці транш крэдыту Беларусі — заўчасна

Пра гэта паведамляе агенцтва ПРАЙМ-ТАСС. Начальнік аддзела сацыяльна-эканамічнай палітыкі ЕАБР Алішэр Мірзоеў кажа, што ў Беларусі занадта высокі ўзровень фінансавання дзяржпраграм з эмісійных крыніц.

Па яго словах, за 2011 год гэты паказчык склаў 4,5% ВУП. А гэта на 0,5% перавышае кантрольны паказчык, які змяшчаецца ў праграме антыкрызісных мер, узгодненай уладамі Беларусі з Антыкрызісным фондам. Па словах эксперта, у нашай краіне выдаюцца вельмі ільготныя крэдыты эканоміцы. На яго думку, менавіта гэта з'яўляецца галоўным механізмам інфляцыйных і дэвальвацыйных працэсаў.

Афіцыйны Мінск чакае, што выдача трэцяга транша стабілізацыйнага крэдыту будзе разгледжаная сёлета ў лютым. Пра гэта стала вядома сёння. Намеснік старшыні праўлення ЕАБР Сяргей Шаталаў заяўляе, што абмяркоўваць тэрміны выдачы чарговага транша крэдыту зарана. па яго словах, ідуць тэхнічныя кансультацыі, пра графік пераліку сродкаў казаць заўчасна.

У той жа час, кажа банкір, ЕАБР станоўча ацэньвае дасягненне збалансаванага бюджэту Беларусі ў 2011 годзе.