Экс-генералу міліцыі далі пажыццёвы тэрмін за забойства Гангадзэ
Аляксей Пукач падчас следства прызнаўся, што задушыў журналіста па ўказанню экс-міністра ўнутраных спраў Юрыя Краўчанкі.
У аўторак Пячорскі раённы суд Кіева прызнаў былога кіраўніка дэпартамента знешняй выведкі МУС Украіны вінаватым у забойстве ў 2000 годзе вядомага ўкраінскага журналіста Георгія Гангадзэ. Пукач атрымаў пажыццёвае зняволенне, суд пазбавіў яго звання генерала і канфіскаваў маёмасць. На працягу 15 дзён ён можа абскардзіць прысуд, паведамляе РІА "Новости".
Нагадаем, абезгалоўленае цела Гангадзэ знайшлі ў лістападзе 2000 года ў лесе ў Кіеўскай вобласці. Пукача ўдалося арыштаваць толькі ў 2009 годзе. Падчас судовага працэсу ён заявіў, што замовіць забойства маглі былы прэзідэнт краіны Леанід Кучма і экс-старшыня Вярхоўнай Рады Уладзімір Літвін. Але яны абвяргаюць сваё дачыненне да забойства журналіста.
Фота — Reuters
