Еўрадэпутаты заступіліся за Пачобута і Свярдлова

Польскія еўрадэпутаты хутка адрэагавалі на пачатак новай крымінальнай справы супраць журналіста, актывіста польскай меншасці Андрэя Пачобута, і ўнеслі ў распарадак дня пленарнай сесіі ў Страсбургу дэбаты па Беларусі і прыняцце спецыяльнай рэзалюцыі.

"Рэпрэсіі, з якімі сутыкаюцца журналісты ў Беларусі, маюць палітычны характар. Палажэнні крымінальнага права ўжываюцца для зняволення незалежнай думкі. Законы такога роду павінны быць змененыя. Да гэтага мы і заклікаем беларускія ўлады ў сваёй рэзалюцыі", – заявіў на дэбатах 5 ліпеня еўрадэпутат Філіп Качмарэк.

Хаця на той момант Андрэй Пачобут быў вызвалены пад падпіску аб нявыездзе, гэта не здымае пытання аб яго крымінальнай справе, і аб свабодзе слова ў Беларусі ў цэлым. Нагадаем, журналіста вінавацяць у паклёпе ў дачыненні да прэзідэнта.

Еўрадэпутат Марэк Мігальскі: "Андрэй Пачобут – дзейны прадстаўнік польскай меншасці, дзейны апазіцыянер і журналіст. Гэтага Лукашэнку падалося замнога. Гэта – добрае выканне сваёй працы – уласна, і стала віной Андрэя Пачобута".

Брытанскі парламентарый Чарльз Тэнак быў традыцыйна востры і крытычны:

"Выпадак з журналістам і актывістам Андрэем Пачобутам – адлюстраванне жорсткасці і паранаідальнасці рэжыму... Санкцыі ЕС павінны ўзмацняцца да таго часу, пакуль Лукашэнка не сыдзе і не дасць беларусам вызначыць сваю будучыню ў дэмакратычным галасаванні".

Еўракамісар Коні Хадэгаард, якая таксама ўдзельнічала ў дэбатах, нагадала і пра нядаўні арышт журналіста Еўрарадыё Паўла Свярдлова ў якасці яшчэ аднаго факта ціску на журналістаў.

Конні Хадегаард: "Зняволенне журналіста Еўрарадыё Паўла Свярдлова на 15 сутак за нібыта  лаянку ў публічным месцы – адзін з нядаўніх выпадкаў ціску на журналістаў. З набліжэннем парламенцкіх выбараў  у Беларусі пачынае лунаць атмасфера страху, а незалежным журналістам сістэматычна перашкаджаюць весці сваю дзейнасць".

Па выніках дэбатаў еўрадэпутаты прынялі рэзалюцыю, у якой асуджаюць пачатак новай крымінальнай справы супраць журналіста і актывіста Андрэя Пачобута, і ў цэлым перашкоды дзейнасці незалежным журналістам.

Рэзалюцыя заклікае краіны ЕС разглядзець магчымасць пашырэння санкцый, а замежных міністраў Усходняга Партнёрства на сустрэчы 23-24 ліпеня ў Бруселі – абмеркаваць сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі і справу Пачобута.