Як клубы разлічваюцца са сваімі зоркамі падчас праблем з валютай
У футбалістаў БАТЭ дзве карткі: рублёвая і валютная, гульцам з Брэста плацяць рублямі па курсе Нацбанка, а ў хакейнага “Дынама” – “уласная схема”.
Еўрарадыё вырашыла высветліць, як футбольныя і хакейныя клубы разлічваюцца са сваімі зоркамі падчас праблем з валютай.
Напрыклад, БАТЭ прадае валюту на міжбанкаўскім рынку. Па словах старшыні праўлення футбольнага клуба Анатоля Капскага, гэта дапамагае кампенсаваць пэўныя страты.
“У нас ёсць валютныя стаўкі, заробленыя ад трансфераў і ад удзелу клуба ў еўракубках. Клуб прадае сваю валюту на міжбанкаўскім рынку. Калі ёсць такая патрэба, даем магчымасць сваім футбалістам набываць валюту па спецыяльным курсе”.
Футбалісты БАТЭ маюць дзве карткі: у беларускіх рублях і валюце. Заробак налічваецца ў рублях. Але пры жаданні футбаліста сума можа быць пералічаная ў валюту. Пераглядваць кантракты ў клубе не лічаць магчымым, бо добра знаходзяць кампраміс з футбалістамі.
Галоўны трэнер брэсцкага “Дынама” Юрый Пунтус кажа, што клуб разлічваецца з футбалістамі ў рублях, але заробак усё роўна прывязаны да долара.
“Долары ў кантракце пазначаюцца, каб мы ведалі, што на што памнажаць. Мы будзем разлічвацца па банкаўскім курсе. Заўсёды гэта было бязбольна, таму што долар быў спакойны. У кантракце прапісана: калі з-за інфляцыі заробак паніжаецца на 7%, то кантракт пераглядваецца”.
Як даведалася Еўрарадыё, апошні сакавіцкі заробак “дынамаўцы” атрымалі па курсе 3100 рублёў. Скаргаў пакуль не было.
“Калі так будзе і наступны раз, то, пэўна, будуць праблемы. Можа, футбалістам не дазваляе абурацца выхаванне. Але мы спадзяемся, што да 10 траўня з’явіцца долар у банках і кошт яго будзе вядомы”.
А вось гендырэктар футбольнага клуба “Гомель” Яўген Пабаловец кажа, што ў кантрактах з футбалістамі сумы пазначаюцца выключна ў рублях. Змяненні курса валюты ніяк не ўплываюць на заробак.
“Калі падпісваецца кантракт, вылічваецца заробак паводле курсу Нацбанка. Калі далей расце курс, заробак усё роўна застаецца той жа самы. Нехта скардзіцца, нехта з разуменнем ставіцца. Але ў футболе можна зарабляць і прэміяльнымі, якія выплачваюцца ў залежнасці ад выніку каманды”.
Вось прэміяльныя ў клубе прывязаныя да амерыканскіх грошай. Аднак сказаць, які курс долара цяпер у ФК “Гомель”, генеральны дырэктар адмовіўся. Толькі адзначыў, што курс вышэй за нацбанкаўскі.
Хакейнае “Дынама” арыентуецца на ўласную схему па задавальненні патрабаванняў хакеістаў, “якая не павінна даць збою”. Кіраўніцтва клуба зыходзіць з таго, што іх бюджэт у параўнанні з мінулым годам не зменіцца, нават у валютным эквіваленце. Але сказаць, якімі грашыма атрымоўваюць свае заробкі замежныя зоркі, у клубе нам адмовіліся. Толькі дадалі, што скарачэнні заробкаў хакеістаў могуць быць звязаныя не толькі з курсам валют.
Увогуле клубы чакаюць, калі стабілізуецца сітуацыя на валютным рынку. Спартоўцы пакуль не панікуюць, разумеючы, што ў цяжкім становішчы апынулася ўся краіна. Але невядома, ці доўга зоркі-легіянеры будуць цярпець страты і памяншэнне заробку, звязаныя з паслабленнем рубля.
Фота: uefa.com