Галоўнага ідэолага ДФР звольнілі за Green Card?
Генадзь Прахарцоў быў вядомы як непрыяцель ЗША і Захаду, а 2 кастрычніка атрымаў медаль “За бездакорную службу” І ступені.
Інфармацыю пра звальненне Прахарцова парталу TUT.by пацвердзілі ў прэс-службе Камітэту дзяржкантролю. Афіцыйная матывіроўка — галоўны ідэолаг Дэпартаменту фінансавых расследаванняў звольнены “паводле ўзгаднення бакоў”.
Паводле неафіцыйнай інфармацыі, прычынай звальнення стала тое, што ў кватэры Прахарцова быў знойдзены дазвол на жыхарства ў ЗША Green Card. Знайшлі яго супрацоўнікі КДБ у часе ператрусу.
Як паведаміла TUT.BY інфармаваная крыніца, спачатку спецслужбы заўважылі наведванне ім амбасады ЗША ў Мінску, што і стала падставай для ператрусу.
Дзе цяпер знаходзіцца Прахарцоў, невядома. У Камітэце дзяржаўнай бяспекі не сталі каментаваць гэтую інфармацыю.
Варта адзначыць, што ніякай заканадаўчай нормы, якая б забараняла чыноўнікам атрымліваць дазвол на жыхарства ў іншай краіне, няма.