Гамельчукі прапануюць забараніць рэкламу алкагольных напояў
А таксама зрабіць больш жорсткімі правілы іх продажу.
Гомельскія грамадскія актывісты плануюць сабраць не менш за 4000 подпісаў пад зваротам да Палаты прадстаўнікоў. Яны прапануюць унесці папраўкі ў заканадаўства, інфармуе БелаПАН.
У прыватнасці, дэпутатам прапануюць цалкам забараніць рэкламу алкагольнай прадукцыі ў любой форме; размяшчаць на ўпакоўках і этыкетках алкагольных напояў малюнак і апісанне наступстваў працяглага ўжывання алкаголю; увесці падатак на продаж алкагольных напояў у памеры 10% ад іх кошту. Атрыманыя грошы плануецца пусціць на адрасную сацыяльную падтрымку. Таксама прапануецца забараніць вытворчасць і імпарт пладова-ягадных вінаў. "Алкагольны цэнз" мяркуецца ўвесці з 21 года. За продаж віна падлетку да 16 гадоў прапануецца крымінальная адказнасць.
Аўтар ідэі збору подпісаў — актывіст грамадзянскай кааліцыі "Наша альтэрнатыва" Кастусь Жукоўскі. Па яго словах, неабходнасць у такіх мерах выкліканая празмерным спажываннем алкаголю ў нашай краіне — больш за 12 літраў чыстага алкаголю ў год на душу насельніцтва. Жукоўскі нагадвае, што Беларусь уваходзіць у дзясятку самых пітушчых краін свету.
Фота: avtoinstruktor.info