Гамельчукі звярнуліся да Лукашэнкі, бо не могуць дабудаваць дом (відэа)
Відэазварот выклалі ў інтэрнэт чальцы жыллёвага кааператыву (ЖСПК) №272.
Па іх словах, дом на 240 кватэраў мусіў быць здадзены яшчэ ў снежні 2011 года. Цяпер тэрміны здачы дома сарваныя ўжо на 8 месяцаў. Ад траўня 2012 года, кажуць, гамельчукі, дом не будуецца зусім.
Па іх словах, Упраўленне капітальнага будаўніцтва (УКБ) Гомельскага гарвыканкама патрабуе падпісаць дадатковую дамову, у якой узняло кошт квадратнага метра ўдвая. Чальцы кааператыву падазраюць чыноўнікаў у падмане, бо, па іх словах, кіраўнік УКБ і яго намеснік цяпер пад следствам за парушэнне сваіх службовых паўнамоцтваў.
Гамельчукі кажуць, што звярталіся ў гарвыканкам, аблвыканкам, да свайго дэпутатау ў Палаце прадстаўнікоў, у Дзяржкантроль і ў Адміністрацыю прэзідэнта. Некалькі разоў яны спрабавалі запісацца на асабісты прыём да кіраўніка краіны, але атрымлівалі адмовы. Гэта і змусіла іх выкласці відэазварот у інтэрнэт.