Гандбаліста Рутэнку могуць дыскваліфікаваць?
Адміністрацыя Брэсцкага гандбольнага клуба імя Мяшкова (БГК) звяртаецца да заўзятараў, якія сталі сведкамі ўчынку гульца мінскага "Дынама" Дзяніса Рутэнкі.
Як паведамляе "Прессбол", гаворка ідзе пра нядзельны матч чэмпіянату краіны. У ім сустракаліся БГК і "Дынама".
Пасля фінальнага свістка Рутэнка наўмысна і ў грубай форме перакуліў лаўку запасных у брэсцкім Палацы спорту "Вікторыя", сцвярджаюць брэстаўчане. Акрамя таго, сваёй выхадкай мінскі гандбаліст справакаваў жорсткую рэакцыю гледачоў.
Сведкі гавораць, што барацьба паміж камандамі была напружанай, і каманды пайшлі "сценка на сценку". Але да масавай бойкі не дайшло. А вось Дзяніса Рутэнку супакоіць удалося не адразу. Спярша яго спынілі па дарозе да судзейскага століка. Потым спартовец стаў нецэнзурна лаяцца на гледачоў і імкнуўся біцца з заўятарамі. Спынілі яго толькі калегі па камандзе.
Цяпер брэсцкія спартоўцы шукаюць заўзятараў, якія знялі на фота ці відэа гэты эпізод.