Гендырэктар МАЗа: Аб'ядноўвацца з КамАЗам — правільнае рашэнне

Генеральны дырэктар ААТ "МАЗ" Бароўскі заявіў 18 сакавіка, што аб'яднанне МАЗа і КамАЗа — правільнае рашэнне ў кантэксце ўваходжання Расіі ў СГА і ціску на рынкі Расіі і Беларусі замежных аўтавытворцаў.

"Склалася вельмі складанае становішча. Расія ўвойдзе ў СГА. Плюс сёння вельмі актыўна развіваецца Кітай: 6 аўтамабільных грузавых заводаў на стадыі пуску. МАЗ у гэтай сітуацыі мусіць мець партнёра", — сказаў гендырэктар.

"Працуючы ў холдынгу, мы будзем выступаць з адной палітыкай, атрымаем магчымасці адно ў аднога вырабляць кампектуючыя. Мы мусім аб'яднацца. Мы робім машыны амаль еўрапейскай якасці, але па беларускай цане. Нам часам не хапае новых тэхналогій. Так што я лічу: аб'яднацца — гэта правільнае рашэнне", — падкрэсліў ён.

Бароўскі ўдакладніў: долі МАЗа і КамАЗа ў холдынгу складуць па 48%, перадае ІА REGNUM.