Торб'ёрн Ягланд: Беларусь — еўрапейская краіна з палітвязнямі
Генеральны сакратар Савета Еўропы Торб'ёрн Ягланд спадзяецца на дапамогу Украіны ў адносінах з Беларуссю.
Пра гэта ён заявіў сёння падчас сустрэчы з украінскімі журналістамі ў Страсбургу.
На пытанне, ці значыць гэта, што Украіна, на яго думку, можа стаць пасрэднікам паміж Саветам Еўропы і Беларуссю, Ягланд адказаў: "Я не думаю, што роля пасрэдніка, але можа выкарыстоўваць свой уплыў як суседа, каб мы маглі рухацца далей у дыялогу", — піша "forUm".
"Беларусь — еўрапейская краіна, належыць Еўропе і мусіць быць у еўрапейскіх інстытутах. Адзіная праблема — унутраная сітуацыя ў краіне. Гэта не тое, што Паўднёвае Міжземнамор'е або Паўночная Афрыка, якія застаюцца суседзямі. Беларусь — еўрапейская краіна", — падкрэсліў Ягланд.
Разам з тым, ён лічыць, што не варта чакаць значных крокаў з боку еўрапейскіх інстытутаў да тае пары, пакуль не будуць вызваленыя палітычныя зняволеныя. "Гэта найбольшая перашкода зараз — затрыманне ўсіх гэтых людзей пасля выбараў", — сказаў генеральны сакратар Савета Еўропы.