Год да Алімпіяды ў Лондане: весляры чакаюць лодкі з 2009 года

110809 Zybluk Sport.mp3

8 жніўня Аляксандр Лукашэнка наведвае вяслярны канал у Заслаўі, дзе Кацярына Карстэн скардзіцца пра адсутнасць лодак. Па словах старшыні Беларускай федэрацыі веславання Аляксандра Грыгарава, заяўку на набыццё лодак склалі яшчэ ў… 2009 годзе. З таго часу весляры чакаюць 21 лодку.

“Вось зараз пералічваем грошы, каб набыць камбінезоны. Ёсць жа інструкцыя набываць беларускае. Але спартоўцы мусяць выступаць у камбінезонах, якія адпавядаюць міжнароднаму ўзроўню. Набываем зараз вёслы. Харчовыя дабаўкі таксама набывае федэрацыя, але асноўныя пакупкі павінна рабіць міністэрства.”

Якасная адзіночная лодка ў сярэднім каштуе 10 тысяч еўра, а 2-хмясцовая – 12-14 тысяч еўра. Абнаўляцца лодкі павінны штогод. І пакуль весляры скардзяцца на адсутнасць лодак, фінансаванне іх віду спорту… памяншаюць.

Грыгараў: “У параўнанні з мінулым годам фінансаванне паменшылася на 110 тысяч еўра”.

Еўрарадыё падлічыла, што за гэтыя 110 тысяч еўра можна было набыць 11 “адзіночак” ці 7-9 двухмясцовых лодак.

А чэмпіёнка свету у плаванні Аляксандра Герасіменя трэніруецца ў басейнах, дзе немагчыма зрабіць добры старт, бо… няма тумбачкі.

“Ужо некалькі гадоў выкарыстоўваюцца новыя стартавыя тумбачкі. Такія нядаўна паставіў толькі адзін басейн – у Брэсце. Паўсюль стаяць звычайныя, на якіх патрэніравацца ці зрабіць старт немагчыма. А ўсе афіцыйныя старты праводзяцца толькі на такіх тумбачках.”


Як даведалася Еўрарадыё, адна тумбачка каштуе каля 600 еўра. Спартоўцы кажуць, што ім дастаткова 1 ці 2 такіх тумбачкі. Пакуль жа даводзіцца адаптавацца да нязвыклых стартаў непасрэдна на месцы спаборніцтваў.

“Ніхто не цікавіцца сучаснымі тэхналогіямі ў спорце. Усе зацыкліліся: “Ёсць басейн – ідзіце плавайце!” А на такія важныя нюансы ніхто не звяртае ўвагі.”


Плыўцам паабяцалі неўзабаве тумбачкі набыць. Але іх трэба спачатку знайсці, пасля заказаць, аплаціць і даставіць. Ці паспеюць да алімпіяды?