Гомельскі дзяржкантроль выявіў неапраўданы імпарт калапрыёмнікаў

Як паведамляе "Ежедневник", гаворка ішла аб распрацоўцы калапрыёмнікаў для пасляаперацыйных хворых. У Беларусі гэтыя вырабы не выпускаліся, іх набывалі за мяжой. Тэхналогію іх вырабу распрацаваў гомельскі Інстытут механікі металапалімерных сістэмаў.

У рэалізацыю праекта было ўкладзена больш за 120 тысяч долараў. Пасля запуску серыйнай вытворчасці айчынная медыцына павінна была атрымліваць 300 тысяч такіх вырабаў у год.

Аднак у належныя тэрміны і ў запланаваных аб'ёмах выраба не паступілі. Толькі год таму Гомельскі завод хімічных вырабаў атрымаў рэгістрацыйнае пасведчанне Мінздароўя і пачаў рабіць калапрыёмнікі. За 11 месяцаў было выпушчана крыху больш за 100 тысяч сістэмаў. Але і з гэтай колькасці было рэалізавана менш за палову, большая ж частка засталася на складах прадпрыемства. Прычынай такой сітуацыі стала адсутнасць замоваў. Клінікі працягвалі закупляць імпартныя калапрыёмнікі.