Гродзенская ДАІ выклала ў інтэрнэт базу п'яных кіроўцаў

У базу ўвайшлі каля 9 тысяч кіроўцаў з Гродна і Гродзенскай вобласці, якія парушылі закон з 1 студзеня 2010 года па чэрвень 2011 года. Плануецца, што кожны месяц яна будзе абнаўляцца.

Супрацоўнікі гродзенскай ДАІ вырашылі такім чынам змагацца з п'янымі кіроўцамі. Цяпер каб даведацца, ці ездзіў чалавек п'яным за рулём, неабходна ўвесці яго прозвішча, імя, імя па бацьку і дакладную дату нараджэння. І на працягу некалькіх секундаў на экране з'яўляецца інфармацыя. Што праўда, поўнага спісу для ўсеагульнага агляду няма.

Самі даішнікі тлумачаць "Комсомольской правде в Беларуси", што мера ўведзеная дзеля прафілактыкі. Па іх словах, цяпер і патэнцыйны працадаўца, і сям'я змогуць даведацца пра парушэнні п'янага кіроўцы.