Гродзенскія даішнікі збілі лекара на працоўным месцы
Здарэнне адбылося 16 ліпеня ў Ваўкавыску.
Каля 3 гадзін начы даішнікі прывезлі на абследаванне нецвярозага кіроўцу. Лекар Сяргей Паўловіч пачаў агляд кіроўцы. Аднак яму не спадабаліся дзенняі даішнікаў, піша газета "Вечерний Гродно". Па словах лекара, работнікі ДАІ здымалі агляд на мабільнік, гучна і нецэнзурна каментавалі яго дзеянні. Калі ж лекар зрабіў ім заўвагу, то даішнікі нібыта пачалі насміхацца над ім.
Доктар выклікаў міліцыянтаў, каб стрымаць супрацоўнікаў ДАІ, аднак дапамогі не дачакаўся. Тады ён павёў кіроўцу ў іншы пакой, але даішнікам гэта не спадабалася. Яны стукнулі лекара, начапілі яму кайданкі і працягвалі збіваць — у тым ліку нагамі. Толькі калі іншыя лекары выклікалі міліцыю, даішнікі перасталі біць Паўловіча. Лекар зняў пабоі і напісаў скаргу ў пракуратуру.
Даішнікі, у сваю чаргу, кажуць, што лекар замінаў медагляду п'янага кіроўцы і не падпарадкоўваўся патрабаванням міліцыі.