Група сяброў Рады Макея абмеркавала праблему арыштаваных

Як паведаміў у жывым эфіры Еўрарадыё старшыня БХК Алег Гулак, на паседжанні прысутнічала менш за палову сяброў Рады, не было і старшыні, кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Уладзіміра Макея. Найперш яны абмяркоўвалі планы на будучае. Сярод іншага гаворка ішла і пра праблему затрыманых падчас акцыі 19 снежня, пра праблему стасункаў з Еўропай.

"Было важна пачуць думкі калег па радзе і зразумець, што адбываецца ў краіне, на што можна разлічваць з гэтым інструментам — кансультатыўнай радай", — кажа Гулак.

Па яго словах, у нарадзе ўдзельнічалі не толькі асобы, якіх можна аднесці да "дэмакратычнага лагеру". Таму і погляды былі выказаныя розныя. Калі Гулак і іншыя акцэнтавалі ўвагу на рэпрэсіях, дык з іншага боку гаворка ішла пра "сілавыя дзеянні" апазіцыі.

Аднак усе прыйшлі да высновы, што сітуацыя складаная і трэба разам шукаць выйсце з яе. "Была агульная пазіцыя наконт таго, што трэба гэтае пытанне разглядаць больш афіцыйна", — адзначыў Алег Гулак.

Удзельнікі неафіцыйнай нарады прапанавалі сабраць Раду ў студзені 2011 года.

Нагадаем, Грамадска-кансультацыйная рада пры Адміністрацыі прэзідэнта  была створаная ў студзені 2009 года. Яе ўзначаліў кіраўнік адміністрацыі Уладзімір Макей. У склад Рады ўваходзіць і некалькі прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці. Як вядома, Рада нічога не вырашае, яна можа толькі нешта рэкамендаваць дзяржаўным органам.