Група Уса правядзе ўстаноўчы сход у канцы студзеня

Як паведаміў агенцтву БелаПАН экс-кандыдат у прэзідэнты Дзмітрый Ус, у групу пагадзіліся ўвайсці ўжо больш за тысячу чалавек. Ініцыятары накіравалі афіцыйны ліст старшыні Мінгарвыканкама Мікалаю Ладуцьку, каб ён дазволіў правядзенне сходу. Лісты накіраваныя таксама кіраніцтву Цэнтравыбаркаму.

Ініцыятары хочуць, каб кандыдаты мелі права накіроўваць ва ўчастковыя камісіі сваіх прадстаўнікоў. Таксама Ус прапануе, каб сябры камісіі, якія прадстаўляюць кандыдатаў, атрымалі права ставіць свой подпіс на зваротным боку кожнага бюлетэня.

Па словах Уса, адпаведны законапраект ужо падрыхтаваны. На гэтым тыдні яго плануецца размясціць у інтэрнэце для грамадскага абмеркавання.